НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ЎРАД (Rząd Narodowy),
найвышэйшы орган выканаўчай улады на тэр. Польшчы ў час паўстанняў 19 ст. У час паўстання 1830—31 створаны сеймам (30.1.1831) у складзе: А. Чартарыйскі (старшыня), С.Бажыкоўскі, В.Немаёўскі, Т.Мараўскі, Х.Лялевель. Н.ў. падпарадкоўваліся прызначаныя ім і адказныя перад сенатам міністры. У выніку нар. выступленняў у Варшаве 15.8.1831 Н.ў. скінуты, сейм перадаў дыктатарскую ўладу Я.Крукавецкаму як старшыні Савета міністраў. З 7 вер. і да канца паўстання функцыі старшыні ўрада выконваў Б.Немаёўскі. У час Кракаўскага паўстання 1846 22 лют. створаны Н.ў., у які ўвайшлі Л.Гажкоўскі, Я.Тысоўскі, А.Гжэгажэўскі. Урад скінуты праз 2 дні пасля абвяшчэння дыктатуры Тысоўскага. У час паўстання 1863—64 канспіратыўны орган «чырвоных» Цэнтральны нац. к-т 22.1.1863 абвясціў сябе Часовым Н.у., пасля далучэння да паўстання «белых» 10.5.1863 меў фармальную назву Н.ў. Яго склад мяняўся ў залежнасці ад вынікаў барацьбы паміж «чырвонымі» і «белымі». З 17.10.1863 і да арышту (11.4.1864) адзіным членам Н.ў. быў Р.Траўгут, якому належала неабмежаваная ўлада.
Н.К.Мазоўка.
т. 11, с. 241
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)